
СА СВЯТАМ, ДАРАГІЯ МЛЫНАРЫ!
25 кастрычніка па традыцыі ў Беларусі святкуюць Дзень млынара. Існаванне свята млынароў восенню не выпадкова - да гэтага часу поўнасцю ўбраны ўраджай з палёў, падрыхтаваны да памолу і стартавала работа па вытворчасці мукі.
З самых даўніх часоў асаблівай пашанай і павагай карысталася прафесія млынара, бо без яго ў вёсцы ніяк было не абысціся. Ад якасці працы млынара, яго ўмення і старання залежала і якасць мукі. Таму людзі заўсёды з павагай ставіліся да млынара і стараліся яму дагадзіць, але і млынар таксама з усіх сіл стараўся дагадзіць людзям, зрабіць ім добрую муку, з якой атрымліваўся б пышны і духмяны хлеб.
Сёння сыходзяць у мінулае шматлікія прафесіі, але прафесія млынара ўсё ж існуе. Бо мука мелецца, каб выпякаліся пышныя караваі, здобныя булачкі і далікатныя тарты.
Усіх, хто хоць трошачкі млынар - мы сёння віншуем са святам. У гэты дзень ААТ "Баранавічхлебапрадукт" жадае млынарам магутнай сілы, моцнага здароўя, выдатнага бадзёрага духу і добрага настрою. Хай крылы Вашых жыццёвых млыноў ніколі не працуюць ухаластую, а прыносяць толькі карысць і дабро!